Беларускага музыканта Сяргея Міхалка, лідара гуртоў «Ляпіс Трубяцкі» і Brutto, унеслі ў базу вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Расіі. Пра гэта 24 лістапада паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Інфармацыя пра Міхалка з’явілася ў базе 23 лістапада. Пры гэтым артыкул, паводле якога музыканта шукаюць, не пазначаны.
У жніўні Мінскі гарадскі суд завочна прысудзіў Міхалка да чатырох гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым у абразе Лукашэнкі і распальванні сацыяльнай варожасці. Справа разглядалася ў парадку спецыяльнай вытворчасці, бо музыкант знаходзіцца за межамі Беларусі.
Міхалок атрымаў вядомасць як фронтмэн «Ляпіса Трубяцкога». Пасля распаду гурта ён заснаваў Brutto. Музыкант вядомы сваёй крытыкай беларускіх уладаў, падтрымкай Украіны і антыаўтарытарнымі поглядамі.
эж