Рух «За Свабоду» павінен быць гатовы да палітычных перамен у Беларусі і ўдзелу ў першых свабодных выбарах. Пра гэта заявіў старшыня арганізацыі Юрый Губарэвіч 28 лістапада ў Варшаве падчас мерапрыемства, прысвечанага 20-годдзю стварэння руху.
Палітык падзяліўся сваім бачаннем будучыні Беларусі і задач, якія стаяць перад арганізацыяй.
— Я перакананы, што мы ўсе вернемся ў Беларусь. Але мы не вернемся ў 2019 год. Краіна мяняецца, мяняюцца падзеі вакол нас, мяняюцца людзі. І тая краіна, у якую мы вернемся, будзе новай. Адпаведна, новым і падрыхтаваным павінен быць і Рух «За Свабоду».
Паводле Губарэвіча, ужо цяпер неабходна рыхтавацца да ўдзелу ў палітычным жыцці дэмакратычнай Беларусі.
— Я перакананы, што з нашым вяртаннем адбудуцца першыя свабодныя і дэмакратычныя выбары. Мы павінны быць гатовыя да гэтых выбараў. Мы павінны рыхтаваць каманды, лідараў, мець праграмы, з якімі мы выходзім да выбаршчыкаў, каб заваёўваць іх давер. Мы павінны адпаведным чынам выбудоўваць структуру.
Старшыня Руху «За Свабоду» звярнуў увагу на важнасць стварэння кааліцый, якія дапамагаюць дасягаць пастаўленых мэт. Адначасова ён падкрэсліў неабходнасць выразнага разумення ўласнага шляху і падрыхтоўкі да падзей, якія, на яго думку, непазбежна чакаюць Беларусь.
— Я перакананы, што, калі мы збяромся наступным разам, на наступны юбілей Руху «За Свабоду», мы будзем расказваць не толькі пра тыя дасягненні, якія ёсць у нашай насычанай гісторыі, але і пра новыя падзеі: пра тое, што робяць нашы дэпутаты ў беларускім парламенце, як працуюць нашы лідары і нашы каманды ў мясцовых саветах, што робяць нашы прадстаўнікі ў новым дэмакратычным урадзе. І гэта будзе абсалютна новая гісторыя, — заявіў Юрый Губарэвіч.
Паводле «Позірк»/яс