Беларуская Служба

Нацыянальны аэрапорт „Мінск” прайграў суд сайту petitions.by

31.08.2019 09:07
Згодна з судовым рашэннем адміністрацыя аэрапорта абавязаная заплаціць сайту petitions.by 1400 рублёў судовых выдаткаў.
РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск»Автор: Vasyatka1 - собственная работа, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=48946944

Адміністрацыя Нацыянальнага аэрапорта „Мінск” прайграла ў судзе сайту petitions.by. Разгляд справы прайшоў 30 жніўня ў Эканамічным судзе Мінска, паведамляе „Еўрарадыё”.

Нагодай для судовага працэсу стала петыцыя, размешчаная 6 ліпеня на інтэрнэт-пляцоўцы. Ініцыятары звароту заклікалі дапусціць усіх перавозчыкаў да працы на тэрыторыі аэрапорта. Яны хацелі адмяніць абмежаванні на колькасць бясплатных заездаў для таксовак і службаў перавозкі, якія ўвяла адміністрацыя аэравакзала.

Адміністрацыя патрабавала выдаліць петыцыю, абавязаць арганізатараў абвергнуць звесткі са звароту як неадпаведныя рэчаіснасці.

Стваральнікі сайта petitions.by настойвалі, што звесткі, апублікаваныя ў звароце ў кампетэнтны дзяржаўны орган, не лічацца распаўсюдам інфармацыі, якая ганьбіць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

Выслухаўшы абодва бакі, суд вырашыў, што патрабаванні адміністрацыі аэрапорта не маюць законных падставаў. Згодна з судовым рашэннем адміністрацыя Нацыянальнага аэрапорта абавязаная заплаціць стваральнікам сайту petitions.by 1400 рублёў судовых выдаткаў.

аз