Беларуская Служба

Лукашэнка заклікаў не дапусціць размяшчэння ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе

03.09.2019 16:12
Паводле яго, у свеце ўзмацняецца „дэградацыя сістэмных асноў міжнароднай бяспекі, якія ствараліся з сярэдзіны мінулага стагоддзя”.
Дзяржаўны сцяг Беларусі1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

Наступствы адмовы выконваць патрабаванні Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД) могуць прывесці да новай вайны, заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 верасня ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню „Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзніклых тэхналогій”, паведамляе БелаПАН.

Паводле яго слоў, сёння ў свеце ўзмацняецца „дэградацыя сістэмных асноў міжнароднай бяспекі, якія ствараліся з сярэдзіны мінулага стагоддзя”. Адной з прычын гэтага працэсу стала „разбурэнне даверу паміж краінамі”. Апошнім „сумным прыкладам” гэтай з'явы кіраўнік дзяржавы назваў спыненне дзеяння Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці.

„Вы, напэўна, разумееце, што праз некалькі гадоў мы пачнем змагацца супраць гэтага страшнага зла, расходаваць грошы, праводзіць канферэнцыі, — заявіў афіцыйны лідар. — І тыя, хто сёння вінаватыя ў парушэнні гэтых дамоў, магчыма, будуць ініцыятарамі правядзення такіх канферэнцый. Дык ці не лепш цяпер спыніцца?”

Лукашэнка заявіў, што рэальная магчымасць з'яўлення ракет сярэдняй і меншай далёкасці „ў нашай ціхай, спакойнай, сытай Еўропе” з'яўляецца простым шляхам да „росту напружанасці на кантыненце і новага вітку гонкі ўзбраенняў”. Гэтая гонка „ўжо пачалася і ідзе вельмі хутка”. Паводле слоў беларускага кіраўніка, у вядучых краінах „настолькі фарсуюць гэты працэс, што падчас выпрабавання новай зброі проста дзясяткамі і сотнямі гінуць людзі”.

Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці быў падпісаны ў 1987 годзе ў Вашынгтоне лідарамі ЗША Рональдам Рэйганам і СССР Міхаілам Гарбачовым.

20 кастрычніка 2018 года амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў пра намер выйсці з дагавора з-за яго невыканання Масквой. На думку Вашынгтона, расійскі бок парушыў дагавор, стварыўшы ракету 9М729. У Расіі гэтыя абвінавачанні абверглі, выставіўшы сустрэчныя прэтэнзіі. На думку Масквы, дагавор парушаюць ЗША, размяшчаючы на аб'ектах ПРА ў Еўропе пускавыя ўстаноўкі МК-41, распрацаваныя для запуску крылатых ракет далёкасцю 2,4 тыс. км.

У снежні 2018 года ЗША абвясцілі, што выйдуць з дагавора, калі Расія на працягу 60 дзён не вернецца да яго выканання. Дзеянне ўльтыматуму ЗША скончылася 2 лютага. У той жа дзень дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа заявіў аб прыпыненні ўдзелу Злучаных Штатаў у ДРСМД. Адначасова з гэтым быў пачаты працэс па канчатковым выхадзе краіны з дагавора, які заняў паўгода.

аз