Беларуская Служба

Беларускія прадпрыемствы прадставяць прадукцыю дрэваапрацоўкі на выстаўцы ў Польшчы

05.09.2019 14:01
У рамках выстаўкі DREMA 9 верасня ў Познані пройдзе Беларуска-польскі эканамічны форум.
Здымак мае ілюстрацыйны характар Photo:PublicDomainPictures/pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларускія прадпрыемствы прадставяць сваю прадукцыю на кансалідаваным стэндзе ў час Міжнароднай выстаўкі машын і абсталявання дрэваапрацоўчай і мэблевай галін DREMA-2019, якая пройдзе 10-13 верасня ў міжнародным выставачным цэнтры ў Познані, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе канцэрна „Беллеспаперапрам”.

„Для беларускіх вытворцаў прадукцыі дрэваапрацоўкі польскі рынак - адзін з самых значных. Па аб'ёмах продажаў ён на другой пазіцыі пасля расійскага. У 2018 годзе прадпрыемствы „Беллеспаперапрама” экспартавалі ў Польшчу прадукцыі на $82,4 млн, што на 32 працэнты больш, чым у 2017-м. У бягучым годзе пастаўкі крыху знізіліся, і гэта падстава для беларускіх вытворцаў, каб надаць новы імпульс супрацоўніцтву з польскімі партнёрамі”, - адзначылі ў прэс-службе.

На выстаўцы будуць прадстаўлены перадавыя тэхналогіі ў дрэваапрацоўчай і мэблевай вытворчасцях. DREMA-2019 збярэ каля 500 экспанентаў. Яе дадатковай перавагай з'яўляюцца праводзімыя ў той жа час Міжнародная выстаўка кампанентаў для вытворцаў мэблі ФУРНІЦА і Міжнародная выстаўка абіўных матэрыялаў і кампанентаў для вытворчасці мяккай мэблі СОФАБ.

Акрамя таго, у рамках выстаўкі DREMA 9 верасня ў Познані пройдзе Беларуска-польскі эканамічны форум. У цэнтры ўвагі будуць пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў сферах лесапрамысловага комплексу і вытворчасці мэблі. На ім плануецца абмеркаваць актуальныя пытанні развіцця дрэваапрацоўчай галіны Беларусі і Польшчы, у тым ліку арганізацыю двухбаковага гандлю драўнянымі матэрыяламі, ахову і абарону ляснога фонду, вытворчасць экалагічна бяспечнай папяровай упакоўкі.

Адбудзецца панэльная сесія па актуальных пытаннях вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі дрэваапрацоўкі, перагаворы з вядучымі польскімі кампаніямі, занятымі ў сферы дрэваапрацоўчай прамысловасці, у тым ліку з вытворцамі плітнай прадукцыі, піламатэрыялаў, драўляных дамоў, клеенага бруса і мэблі. Як адзначылі ў прэс-службе „Беллеспаперапрама”, беларускія прадпрыемствы разлічваюць на ўсталяванне новых кантактаў і дасягненне дамоўленасцей аб павелічэнні аб'ёмаў узаемнага гандлю.

Форум праводзіцца пад эгідай пасольства Беларусі ў Польшчы ў партнёрстве з Польскай эканамічнай палатай дрэваапрацоўчай прамысловасці.

аз