Грамадская арганізацыя „Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) птушкай 2020 года аб’явіла глушца, паведамляе „Радыё Рацыя” са спасылкай на „Мінск-Навіны”.
Глушэц зменіць птушынага сімвала цяперашняга года – вялікага падворліка.
Паводле спецыяліста АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямёна Левага, глушэц у Беларусі – рэдкі від.
„Галоўныя пагрозы для яго – знікненне месцаў пражывання з-за высечкі лесу, здабыча жывіцы на таках і каля іх, неспакой у гнездавы перыяд, паляванне на самцоў на невялікіх такавішчах, прэсінг з боку драпежнікаў і канкурэнцыя капытных жывёл”, - кажа эксперт.
Як распавялі арнітолагі, глушэц – від з атрада курападобных. Самец мае памеры хатняга індыка, ад самак адрозніваецца бліскучай чорна-зялёнай расфарбоўкай. Самка меншая і афарбаваная пад колер лісця і зямлі. Гэта трэба ёй для маскіроўкі падчас выседжвання птушанят.
Глушэц – патрыёт, амаль усё жыццё можа правесці ў адным лесе. Гняздуецца ў іглічных лясах паблізу балот. Увесну і ўлетку есць парасткі, кветкі, лісце, лясныя ягады, насенне і насякомых. Увосень корміцца лісцем асін, ягадамі журавін, зімой – хваёвай ігліцай.
Птушанятам патрэбен бялок, таму бацькі іх кормяць у асноўным казуркамі і павукамі. Глушцы па тэрыторыі нашай краіны распаўсюджаны нераўнамерна. Часцей сустракаюцца ў паўночных раёнах і на ўсходзе. У сувязі са змяненнем клімату паступова ў Беларусі знікаюць.
аз