Па выніках другога дня галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў назіральнікі кампаніі «Права выбару» зафіксавалі 159 парушэнняў, паведамляе партал naviny.by.
Як паведаміў падчас онлайн-трансляцыі прэс-сакратар кампаніі Аляксей Янукевіч, «асноўнымі з'яўляюцца неналежнае захоўванне скрыні для датэрміновага галасавання – 68 такіх выпадкаў, а таксама неадпаведнасць колькасці тых, хто прагаласаваў у пратаколе камісіі са звесткамі назіральнікаў, якія знаходзяцца ўвесь час на ўчастку – 36 выпадкаў. Па выніках парушэнняў пададзена 56 скаргаў».
Таксама ён адзначыў значную розніцу паміж яўкай, названай у пратаколах выбарчых камісій, і дадзенымі назіральнікаў. Яны вядуць назіранне на 319 выбарчых участках.
«Што тычыцца лічбаў, то яны ўжо вельмі красамоўныя на гэты момант – спадарыня Ярмошына па выніках двух дзён галасавання абвясціла датэрміновую яўку ў 11,51%. Нашы назіральнікі па тых акругах, дзе ідзе назіранне, даюць лічбы ад 3,2% у Гродзенскай вобласці да 8,1% у Мінску. Нават з улікам таго, што ў акругах, дзе ёсць нашы назіральнікі, камісіі не вырашаюць занадта павышаць яўку ў параўнанні з агульнымі лічбамі па краіне, гэтая разбежка відавочная. Гэта ўжо сведчыць, што ідзе накрутка рэкорднымі тэмпамі. Такіх лічбаў па датэрміновым галасаванні на папярэдніх выбарах не было», – дадаў Янукевіч.
Для параўнання: на парламенцкіх выбарах-2016 па выніках двух дзён датэрміновага галасавання яўка складала 9,63%, на парламенцкіх выбарах 2012-га – 7,2%.
Асноўны дзень галасавання – 17 лістапада.
ав