Апазіцыйны палітык Павел Севярынец выкліканы 5 снежня ў суд Цэнтральнага раёна Мінска, дзе будзе разглядацца яго адміністрацыйная справа. Паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, сустаршынёй якой з'яўляецца Севярынец.
Палітыка абвінавачваюць у парушэнні парадку правядзення ці арганізацыі масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КоАП). Гаворка ідзе пра акцыю „Сустрэча свабодных людзей”, якая адбылася на плошчы Свабоды 16 лістапада, напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
5 снежня ў суд Цэнтральнага раёна Мінска таксама выкліканая грамадская актывістка Анастасія Гусева, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі 16 лістапада.
Згодна са звесткамі праваабаронцаў, позвы ў суд таксама атрымалі іншыя ўдзельнікі „Сустрэчы свабодных людзей”, у тым ліку актывіст грамадзянскай ініцыятывы „Еўрапейская Беларусь” Леанід Кулакоў.
„Сустрэча свабодных людзей" была арганізаваная грамадзянскай кампаніяй „Еўрапейская Беларусь” у межах агітацыйнага пікета кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ лідара руху салідарнасці „Разам” Алены Талстой. Пасля гадзіннага мітынгу ў фармаце „вольнага мікрафона” прыкладна 70 удзельнікаў акцыі перамясціліся на плошчу Незалежнасці. Ля ўваходу ў Цэнтрвыбаркам актывісты „Еўрапейскай Беларусі”, якія ўдзельнічалі ў парламенцкай кампаніі, дэманстратыўна спалілі свае пасведчанні кандыдатаў у дэпутаты.
аз