Беларуская Служба

Ганна Канапацкая выключаная з Аб'яднанай грамадзянскай партыі

02.12.2019 10:37
Такое рашэнне прыняла 1 снежня палітрада партыі на паседжанні ў Мінску.
Сцяг АГПАГП

Як гаворыцца ў рашэнні, Канапацкая выключаная «па прычыне неаднаразовых парушэнняў» статута АГП, «страты даверу» да яе, а таксама «страты Канапацкай сувязі з партыяй», паведаміла прэс-служба АГП, пішуць naviny.by.

Як паведамлялася, 29 верасня на пазачарговым зʼездзе ў Мінску Абʼяднаная грамадзянская партыя не вылучыла Ганну Канапацкую кандыдатам у дэпутаты ад партыі на будучых выбарах у Палату прадстаўнікоў. Супраць вылучэння Канапацкай выказаліся шэраг актывістаў, уключаючы былую кіраўніка яе выбарчага штаба Ніну Даўгучыц, а таксама кіраўнікі партыі.

«У вас была магчымасць тры гады гаварыць з парламенцкай трыбуны, што краіна мае патрэбу ў сумленных выбарах», – заявіў в.а. старшыні АГП Мікалай Казлоў. Аднак, паводле яго слоў, Канапацкая ні разу гэтага не зрабіла. «У нас была магчымасць прасоўвання [важных] тэм у грамадстве, мы гэтага не атрымалі. Гэта адбілася на рэпутацыі нашай партыі», – заявіў Казлоў.

Аналагічнае меркаванне выказаў і экс-старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Ён заявіў, што за час дэпутацтва Канапацкай «не пачуў ніводнага добрага слова пра партыю».

Пасля гэтага Канопацкая абвясціла, што прыпыняе сяброўства ў партыі. Яна заявіла, што партыя «сама сабе стварыла праблемы», адмовіўшыся ад супрацоўніцтва з ёй напярэдадні парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў.

ав