Удзельнікі 12-й беларускай антарктычнай экспедыцыі пачалі навуковыя даследаванні ў раёне Зямлі Эндэрбі ва Усходняй Антарктыдзе, паведамляе Радыё Рацыя са спасылкай на прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ).
У рамках праграмы даследавання змяненняў прыроднага асяроддзя і клімату Зямлі Эндэрбі пад уплывам антрапагенных і прыродных фактараў беларускія палярнікі разгарнулі метэаралагічную станцыю М-49М. Удзельнікі экспедыцыі ўжо пачалі праводзіць рэгулярныя метэаназіранні і перадаваць метэазводку на замежныя антарктычныя станцыі, а таксама ў Міжнародны антарктычны лагістычны цэнтр у Кейптаўне „у аб’ёме забеспячэння ўнутрыантарктычных палётаў авіяцыі”.
Акрамя таго, абсталяваны снегамерны пост, дзе праводзяцца назіранні за вышынёй снежнага покрыва. Для выканання праграмы па вывучэнні фізікі атмасферы і даследаванняў у інтарэсах нацыянальнай касмічнай праграмы змантаваны аўтаматычны сканавальны сонечны фатометр CIMEL, распрацаваны Інстытутам фізікі НАНБ. Прыбор настроены на аўтаматычную рэгістрацыю зададзеных параметраў атмасфернага аэразолю. У лабараторыі фізікі атмасферы палярнікі разгарнулі пункт азонаметрычных назіранняў і пачалі праводзіць рэгулярныя вымярэнні ўтрымання прыземнага азону прыборам „Піон-ПА” БДУ. Змантаваны і настроены на аўтаматычную працу прыбор „Піон-ФН” для рэгістрацыі велічыні агульнага ўтрымання азону.
З дапамогай распрацаванага ў Беларусі наземнага альбедометра AS-A (прыбор для вызначэння характарыстык адбівальнай здольнасці паверхні) на трох палігонах у адноснай блізкасці ад месца пастаяннай дыслакацыі экспедыцыі каля гары Вячэрняй вымераныя спектры адбіцця розных тыпаў падсцілаючай паверхні.
У рамках беларуска-фінскай навуковай праграмы па даследаванні воднага і тэрмічнага балансу прэснаводных вадаёмаў Антарктыды дэмантаваная тэрмаметрычная каса SIMBA (прылада для вымярэння тэмпературы ў розных асяроддзях), якая была ўстаноўленая падчас працы 11-й экспедыцыі на лёдзе рэліктавага возера Ніжняе. Палярнікі правядуць прафілактычны агляд прыбора і заменяць яго акумулятарныя батарэі. У рамках біялагічнай праграмы палярнікі выйшлі на лёд бухты Лазурнай і адлавілі 35 экзэмпляраў іхтыяфаўны. Акрамя таго, удзельнікі экспедыцыі правялі комплекс работ па далейшым разгортванні сістэм жыццезабеспячэння Беларускай антарктычнай станцыі. 12-я беларуская антарктычная экспедыцыя, у складзе якой 10 чалавек, стартавала 5 лістапада.
нг