Запланаваны на 4 студзеня візіт у Беларусь дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа перанесены на нявызначаны тэрмін, паведаміў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, інфармуе партал naviny.by.
«У сувязі з сітуацыяй з пасольствам ЗША ў Іраку дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа ў бліжэйшы час будзе вымушаны знаходзіцца ў Вашынгтоне, – сказаў Глаз. – У сувязі з гэтым рэалізацыя шэрагу мерапрыемстваў, у тым запланаваны на 4 студзеня візіт у Беларусь, пераносіцца на іншыя тэрміны. Над іх канкрэтызацыяй мы актыўна працуем у дадзены момант з амерыканскімі калегамі».
У сваю чаргу Дзярждэпартамент ЗША паведаміў: «Дзяржсакратар Пампеа павінен адкласці свой візіт ва Украіну, Беларусь, Казахстан, Узбекістан і Кіпр з-за неабходнасці знаходжання дзяржсакратара ў Вашынгтоне, акруга Калумбія, каб працягнуць назіранне за развіццём сітуацыі ў Іраку і забеспячэннем бяспекі амерыканцаў на Блізкім Усходзе. Паездка дзяржсакратара Пампеа будзе перанесена на бліжэйшую будучыню, ён з нецярпеннем чакае гэтага візіту».
Пампеа планаваў наведаць Украіну, Беларусь, Казахстан, Узбекістан і Кіпр з 3 па 7 студзеня. На брыфінгу з нагоды візіту было заяўлена, што ў Мінску Пампеа мае намер абмеркаваць з Аляксандрам Лукашэнкам «працяг нармалізацыі двухбаковых адносін і абмен пасламі», а з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем – тэмы правоў чалавека, эканамічнага супрацоўніцтва, рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.
Беспарадкі каля амбасады ЗША ў Іраку пачаліся 31 снежня пасля атакі амерыканскіх ВПС на лагер шыіцкай групоўкі «КатАіб Хезбала». У выніку налёту загінулі 25 чалавек, не менш за 50 параненыя. 1 студзеня сотні пратэстуючых распачалі спробу штурму пасольства. Пацярпелі 20 чалавек. Пасол ЗША і супрацоўнікі дыпмісіі ў тэрміновым парадку эвакуіраваны.
вс