Тэмпература паветра за снежань 2019 года ў сярэднім па краіне склала плюс 1,9 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 5,2 градуса, піша газета "Звязда". У ранжыраваным шэрагу ад самага цёплага да самога халоднага гэты месяц заняў другое месца пасля снежня 2006 года. Станоўчая анамалія тэмпературы паветра распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі Беларусі, дасягнуўшы найбольшых значэнняў у Магілёўскай вобласці, а найменшых - у Брэсцкай.
"У сувязі з анамальна цёплым надвор'ем у снежні ўстойлівы пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз адзнаку нуль градусаў у бок паніжэння пакуль не ажыццявіўся, то-бок кліматычная зіма не наступіла", - адзначылі ў Белгідрамеце.
Усе тры дэкады снежня былі цёплымі, асабліва трэцяя, сярэдняя тэмпература паветра ў якой аказалася вышэй за кліматычную норму на 6,5 градуса. Такая цёплая трэцяя дэкада снежня на тэрыторыі Беларусі адзначаецца ўпершыню за апошнія 40 гадоў.
У цэлым за месяц па Беларусі выпала 48,1 мм ападкаў, або 107% за кліматычную норму. Па тэрыторыі краіны ападкі размяркоўваліся нераўнамерна. Больш за ўсё іх выпала на тэрыторыі Віцебскай вобласці - 70 мм (143% нормы). Менш за ўсё іх назіралася на тэрыторыі Брэсцкай вобласці - 39,1 мм (89%). Ападкі выпадалі ў выглядзе дажджу, снегу і мокрага снегу. Снежны покрыў на працягу месяца неаднаразова ўтвараўся і разбураўся. На апошні дзень месяца вышыня снежнага покрыва знаходзілася ў межах ад 0,1 да 11 см.
У снежні на рэках пераважаў рост узроўню вады. Воднасць Заходняй Дзвіны аказалася некалькі больш за норму, Заходняга Буга, Прыпяці і Сожа ў раёне Гомеля - значна менш за норму, а Нёмана, Віліі, Дняпра, Бярэзіны і Сожа на ўчастку Крычаў - Слаўгарад была блізкая да звычайнай для гэтай пары года. У першай палове месяца на водных аб'ектах краіны назіралася разбурэнне ледзяных утварэнняў, у другой палове месяца лёд цалкам адсутнічаў. Толькі ў апошнія дні снежня на асобных участках рэк зноў з'явіліся стварэнні ў выглядзе снежуры і заберагаў.
эж