Праваслаўныя вернікі святкуюць Раство Хрыстова. У ноч з 6 на 7 студзеня ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі прайшлі ўрачыстыя набажэнствы, паведамляе БелаПАН.
У пасланні на Раство мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, адзначыў: „Наша хрысціянская місія — рабіць дабро не ад выпадку да выпадку, але рэгулярна і пастаянна. У нашых сілах, з дапамогай Божай, рабіць добрыя справы кожны дзень”.
„Калі мы хацім змяніць і накіраваць грамадства да дабра, святасці і праўды, то нам належыць пачаць гэты працэс з саміх сябе, з праабражэння нашых душ святлом Евангельскіх запаведзяў”, — адзначае ў пасланні на Раство кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы.
Згодна са звесткамі Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, прыблізна 80% усіх вернікаў у Беларусі лічаць сябе праваслаўнымі хрысціянамі. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасць вернікаў прыкладна ў 4 млн. Праваслаўная царква ў Беларусі мае паўтары тысячы прыходаў у 15 епархіях. Чатыры з іх — Мінская, Маладзечанская, Барысаўская і Слуцкая — аб`яднаныя ў Мінскую мітраполію. Святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, духоўныя семінарыі ў Мінску і Віцебску, а таксама духоўныя вучылішчы (Мінск, Слонім). У краіне дзейнічаюць больш за тысячу праваслаўных храмаў.
аз