Беларуская Служба

Праваабаронцы патрабуюць спыніць пераслед блогера «Шэры кот»

21.01.2020 11:59
Дзмітры Казлоў агулам быў асуджаны да 90 сутак адміністрацыйнага арышту.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Праваабарончыя арганізацыі і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці выступілі з супольным патрабаваннем спыніць пераслед Дзмітрыя Казлова, паведамляе Вясна.

17 студзеня 2020 г. Дзмітрый Казлоў, вядомы як блогер «Шэры кот», у чарговы раз быў асуджаны судом г. Орша на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. На яго агулам склалі восем пратаколаў па арт. 23.34 КаАП (за ўдзел у акцыях і за распаўсюд заклікаў да ўдзелу ў іх) і яго чакае яшчэ адзін судовы працэс 27 студзеня ў судзе Ленінскага раёну г. Мінска.

20 студзеня блогер быў часова вызвалены з ІЧУ г. Оршы на час правядзення «дэзынфекцыі». Ён паведаміў журналістам, што агулам быў асуджаны да 90 сутак адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронцы паведамляюць, што тактыка асуджэння грамадскіх актывістаў адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску:

- Мы ў чарговы раз адзначаем, што такога кшталту практыка прымянення нормаў КаАП з’яўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, ужываецца з мэтай аказання ціску і пакарання за грамадскую дзейнасць блогера Дзмітрыя Казлова.

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый выказалі свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту блогера Дзмітрыя Казлова і патрабуюць адмены вынесеных у дачыненні да Дзмітрыя Казлова пастановаў суда і спынення раней распачатых адміністрацыйных працэсаў па арт. 23.34 КаАП.

ав