28 студзеня ў Віцебску актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Наталлю Спірыдонаву аштрафавалі на 25 базавых велічынь за ўдзел у снежаньскім антыінтэграцыйным пікеце на плошчы Перамогі. У гэты ж дзень у судзе Кастрычніцкага раёну яна разам з полацкім актывістам Алесем Круткіным стала фігуранткай іншай адміністрацыйнай справы, паведамляе ПЦ «Вясна».
У Чыгуначным судзе Віцебску разгляд справы Спірыдонавай адбыўся без яе ўдзелу. Як сцвярджаецца ў пратаколе, сваімі дзеяннямі актывістка парушыла парадак арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. Падчас пікету трымала ў руках плакат з надпісам: «Лукашэнку – ворага краіны – у адстаўку! Не – інтэграцыі!»
Суддзя Бардзюкова аштрафавала Наталлю Спірыдонаву на 25 базавых велічыняў (675 рублёў).
У той жа дзень, 28 студзеня, у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску пачалося яшчэ адно судовае паседжанне па справе Спірыдонавай і Алеся Круткіна.
Актывістаў затрымалі 27 студзеня за расклейванне налепак «Калгаснай дыктатуры – баста!» Адна з налепак з'явілася і на будынку Віцебскай абласной пракуратуры.
На судзе Наталля Спірыдонава хадайнічала аб перакваліфікацыі адміністрацыйнага правапарушэння з арт. 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства) на ч. 2 арт. 21.14 КаАП РБ (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрыманьня населеных пунктаў). Алесь Круткін, у сваю чаргу, прасіў суддзю прыпыніць працэс, каб мець магчымасьць заключыць дамову з адвакатам.
Пасля невялікага перапынку суддзя Ільля Белавус задаволіў абодва хадайніцтвы. Разгляд справы быў прыпынены, а пратаколы вернутыя ў Кастрычніцкі РАУС на выпраўленне недахопаў.
яс