Беларуская Служба

Дэлегацыя «Белнафтахіма» наведае Казахстан для перамоваў аб пастаўках нафты

30.01.2020 19:37
Напярэдадні Лукашэнка падпісаў указ, якім упаўнаважыў урад на правядзенне перамоваў з Казахстанам аб супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnefotoslaz/Shutterstock.com

Дэлегацыя канцэрна «Белнафтахім» на наступным тыдні наведае Казахстан для правядзення прадметных перамоваў па пастаўках нафты. Такая дамоўленасць дасягнута ў час сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з прэмʼер-міністрам Казахстана Аскарам Маміным у Алматы. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Сяргей Румас праінфармаваў свайго калегу, што беларускі ўрад надзелены паўнамоцтвамі на падпісанне адпаведнага міжурадавага пагаднення.

Як паведамлялася, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім упаўнаважыў урад на правядзенне перамоваў з Казахстанам аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Раней Лукашэнка не раз згадваў Казахстан у ліку краін, адкуль ёсць патэнцыйная магчымасць для арганізацыі паставак нафты ў Беларусь. Гэтае пытанне ў тым ліку абмяркоўваўся ў кастрычніку мінулага года падчас афіцыйнага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Казахстан.

Сяргей Румас прыбыў з рабочым візітам у Казахстан для ўдзелу ў пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, а таксама ў пленарнай сесіі форуму «Лічбавая будучыня глабальнай эканомікі». Беларусь з 1 студзеня старшынюе ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза.

вс