Беларуская Служба

Лідары апазіцыі перадалі зварот дзяржсакратару ЗША

31.01.2020 12:01
Кіраўнікі 6 беларускіх палітычных партый звярнуліся да дзяржсакратара ЗША Майкла Пампэа напярэдадні яго візіту ў Мінск.
Лідары апазіцыі ў Беларусіucpb.by

Дакумент падпісалі выконваючы абавязкі старшыні АГП Мікалай Казлоў, старшыня Беларускай партыі »Зялёныя« Дзмітрый Кучук, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская партыя» Павел Севярынец, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, паведаміла Абʼяднаная грамадзянская партыя.

Прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі хацелі звярнуць увагу амерыканскага саноўніка на шэраг актуальных пытаннях унутранай і знешняй палітыкі Беларусі, а таксама на праблемах, якія важна закрануць на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускага рэжыму».

Для прыхільнікаў пераменаў у Беларусі, падкрэсліваюць аўтары звароту, было б важна пачуць ад афіцыйных прадстаўнікоў ЗША, што «Вашынгтон застаецца прыхільны духу і абавязальніцтвам, зафіксаваным у Будапешцкім Мемарандуме і гатовы абмяркоўваць пытанне аб гарантыях бяспекі Беларусі з усімі зацікаўленымі бакамі».

Палітыкі таксама адзначаюць, што «пытанне правядзення ў Беларусі сумленных, свабодных выбараў па стандартах АБСЕ зʼяўляецца галоўнай умовай для пераменаў у Беларусі і павінен стаць пытаннем №1 у міжнародным парадку дня і ў перамовах ЗША і ЕС з афіцыйным Менскам».

Голас ЗША ў абарону правоў і свабодаў грамадзянаў Беларусі можа быць важнай інвестыцыяй у спыненне рэпрэсіяў у дачыненні да тых, хто выходзіць абараняць суверэнітэт краіны ад рызыкі і пагроз з боку Крамля і ў падтрымку сумленных, свабодных выбараў», гаворыцца ў заяве.

У звароце таксама падкрэсліваецца, што застаецца актуальным пытанне расследавання выкрадання і знікнення апанентаў беларускага рэжыму ў 1999-2000 гадах.

Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэа наведае Менск 1 лютага, дзе сустрэнецца з прэзідэнтам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Макеем, каб падкрэсліць прыхільнасць ЗША суверэннай, незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі, а таксама пацвердзіць наша жаданне нармалізаваць двухбаковыя адносіны », – паведаміла на днях прэсавая служба Дзярждэпартамента.

юл