Беларуская Служба

На праймерыз апазіцыі ўпэўнена перамагае Севярынец

09.03.2020 11:36
8 сакавіка завяршыўся першы этап галасавання ў рэгіёнах за асобу будучага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ад аб’яднанай апазіцыі.
Удзельнікі праймерызАдзіны кандыдат 2020/Фэйсбук

Сустрэчы прайшлі ў шасці гарадах і мястэчках Віцебшчыны – у Гарадку, Віцебску, Наваполацку, Мёрах, Шаркаўшчыне і Паставах. З іх толькі ў Гарадку перамога была за старшынёй «Руху за свабоду» Юрасём Губарэвічам, у пяці астатніх населеных пунктах лідарам галасавання быў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, паведамляе Белсат.

Як сведчаць звесткі штабу адзінага галасавання, агулам у галасаванні ўдзельнічалі 237 чалавек, з іх Севярынца падтрымалі 150, або больш за 63%.

У Юрася Губарэвіча 21,1%, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова – 10,13 %, намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча – 2,95%, у сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай – 1,27%.

10 сакавіка галасаванне пройдзе ў Лепелі.

Пагадненне пра праймерыз, апроч БХД, ПБНФ, АГП і «Руху за свабоду», таксама падпісала Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Выбары адзінага кандыдата будуць прахадзіць у тры этапы: галасаванне ў рэгіёнах, галасаванне ў інтэрнэце і галасаванне на Кангрэсе 31 траўня.

ав