Беларуская Служба

У Беларусі амаль 2000 выпадкаў каранавіруса

10.04.2020 11:46
Памерлі 19 з хранічнымі захворваннямі з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 10 красавіка ў сваім тэлеграм-канале паведаміла новыя звесткі адносна распаўсюду каранавіруса ў краіне, перадае тэлеканал Белсат.

Паводле гэтых дадзеных, 1793 чалавека знаходзіцца на стацыянарным лячэнні з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй. Большасць выпадкаў – гэта выяўленыя кантакты 1 і 2 узроўняў, адзначаюць у ведамстве. 72 пацыенты маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Памерлі 19 з хранічнымі захворваннямі з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй. Агульная колькасць выпадаў хваробы – 1981.

Таксама міністэрства паведамляе, што ў Мінску ў чатырох цяжарных пацверджаны каранавірус. Усе яны знаходзяцца ў радзільным корпусе 3-й ГКБ. Іх стан стабільны. Адна з жанчын паступіла з тэмпературай, кашлем і дыхавіцай. Цяпер ейны стан боязі не выклікае.

У параўнанні з 9 красавіка колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі вырасла на 495, смерцяў – на 3. Дадаткова з больніцаў выпісалі 30 чалавек.

эж