Эксперты місіі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя сёння азнаёміліся з працай трох устаноў аховы здароўя ў Віцебску, паведамляе «Звязда» са спасылкай на агенцтва БелТА.
Прадстаўнікі СААЗ самі выбралі ўстановы, якія хацелі наведаць. Імі сталі станцыя хуткай медыцынскай дапамогі, абласная інфекцыйная бальніца і гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі, у тэрапеўтычным корпусе якой знаходзяцца пацыенты з пнеўманіяй і каранавіруснай інфекцыяй.
Дэлегацыя СААЗ сустрэлася з кіраўніцтвам паўночнага рэгіёну і старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанідам Анфімавым. Эксперты пагутарылі са спецыялістамі Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і доктарам медыцынскіх навук, прафесарам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Валерыем Сямёнавым. Пад яго кіраўніцтвам група навуковых супрацоўнікаў распрацавала тэст-сістэмы для выяўлення SARS-CoV-2.
Місія СААЗ прыехала ў Беларусь 7 красавіка. Папярэдняе заключэнне пра сітуацыю з каранавірусам у краіне яна зробіць 11 красавіка.
вс