Беларуская Служба

Сотні жыхароў Слуцка прыйшлі на пікет блогера Ціханоўскага

26.05.2020 09:47
У чарзе на збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую гучалі воклічы «Жыве Беларусь!».
Пікет блогера Ціханоўскага ў СлуцкуФота: svaboda.org

Аўтар YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі 25 траўня прыехаў на пікет у Слуцку, дзе збіралі подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты яго жонкі Святланы.

У інтэрв'ю Радыё Свабодзе Ціханоўскі сказаў, што ўражаны актыўнасцю ў Слуцку. Ён думае, што за іншых кандыдатаў такой актыўнасці ў Слуцку ня будзе. У чарзе на збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую гучалі воклічы «Жыве Беларусь!». Ціханоўскі сказаў, што ня супраць гэтага лозунгу.

«Я не лічу лозунг апазіцыйным. Людзі самі сталі крычаць «Жыве Беларусь!«, я падхапіў. Я лічу, што гэта наша краіна. Лозунг, якім бы ён ні быў, – наш, ён часта гучыць на пратэстах, гучаў раней. Чаму не? Не адзін жа «Стоп таракан, но пасаран« павінен гучаць. Ёсць у нас лозунгі, і людзі іх ведаюць, асабліва пратэставая аўдыторыя, хто ездзіў у Менск», – сказаў Ціханоўскі.

Адзін са случакоў расказаў, што ўжо гадзіну стаіць у чарзе, каб пакінуць подпіс, хоць звычайна не стаіць у чэргах. Ён хоча, каб замянілася сітуацыя ў краіне. Мужчыну не задавальняе беспрацоўе ў Слуцку і ўлада Аляксандра Лукашэнкі.

«Калі не зараз, то калі яшчэ, – кажа іншы случак. – Зараз Сяргей усяліў нейкую надзею. Усе гэтыя 26 гадоў, што існуе апазіцыя, ніхто столькі не зрабіў, колькі Сяргей за год, адкрыў людзям вочы». Жанчына з тапкам у руцэ сказала, што раней не хадзіла на выбары, але цяпер агітуе галасаваць у апошні дзень выбараў сваіх дзяцей і знаёмых.

Самому Ціханоўскаму цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакументы.

24 траўня на пікеце ў Менску за Ціханоўскую сабралі каля трох тысяч подпісаў. Пікет працягваўся больш за 4 гадзіны, чарга з ахвотнікаў падпісацца за вылучэнне Святланы Ціханоўскай расцягнулася на некалькі соцень мэтраў.

эж