Беларуская Служба

У Беларусі забаранілі павышаць цэны на адукацыю і транспарт

26.05.2020 13:24
За першыя чатыры месяцы года цэны на праезд у пасажырскім транспарце выраслі на 7,95%.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/michaeljung

Урад Беларусі ўвёў часовы мараторый на павышэнне цэн на паслугі адукацыі, транспарту і сувязі. Пра гэта 26 траўня заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, паведамляе "Еўрарадыё" са спасылка на БЕЛТА. У аўторак ён быў з дакладам у кіраўніка дзяржавы, гаворка ішла пра сітуацыю на спажывецкім рынку краіны з цэнамі. Калтовіч заявіў, што сітуацыя знаходзіцца пад кантролем і што "няма дэфіцыту і няма ажыятажу".

"Мы пакуль прынялі рашэнне (разам з Міністэрствам адукацыі) прыпыніць павышэнне запланаваных тарыфаў на адукацыю, на транспарт і сувязь", — заявіў пасля нарады журналістам Уладзімір Калтовіч. Пакуль невядома, на які час уводзіцца мараторый. Па словах Калтовіча, яго міністэрства вернецца да абмеркавання гэтага пытання па выніках чэрвеня.

За першыя чатыры месяцы года цэны на праезд у пасажырскім транспарце выраслі на 7,95% (за кошт авіяцыйнага транспарту), на паслугі адукацыі — на 5,22% (пры чым на вышэйшую адукацыю — на 7,62%), на сувязь — толькі на 0,71%. Цэны на ўсе тавары і паслугі за студзень-красавік 2020-га выраслі на 3,3%.

эж