Кампанія незалежнага назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пачынае набор назіральнікаў і назіральніц за галасаваннем падчас прэзідэнцкіх выбараў.
Кампанія шукае назіральнікаў, якія змогуць сачыць за тым, што адбываецца на ўчастках краіны ў асноўны дзень выбараў (9 жніўня) і, па магчымасці, падчас датэрміновага галасавання. Таксама асобную ўвагу варта будзе надаць маніторынгу падліку галасоў, каб затым даць ацэнку адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу.
Назіранне за выбарамі – гэта цалкам законная грамадская актыўнасць. Яна дае магчымасць праверыць, ці ў краіне сумленна праходзяць выбары, і атрымаць займальны досвед.
Назіранне дазваляе «зазірнуць за кулісы» выбараў і з першых шэрагаў убачыць, як праходзяць розныя этапы выбарчага працэсу, пра якія ходзіць столькі разнастайных чутак.
Незалежнае назіранне – простая і эфектыўная форма ўдзелу звычайных людзей у кантролі за прыняццем істотных рашэнняў як на мясцовым узроўні, так і ў межах усёй краіны.
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» не аказвае падтрымку палітычным партыям ці кандыдатам. Мэта кампаніі – адсачыць выкананне міжнародных стандартаў у выбарчай галіне, зафіксаваць парушэнні і дапамагчы ўдасканаліць працэдуру выбараў на карысць усяго грамадства.
Стаць назіральнікам можа кожны: і той, у каго ўжо ёсць адпаведны досвед, і той, для каго гэта будзе ўпершыню.
Хутка пройдзе адпаведнае навучанне і назіральнікі змогуць атрымаюць неабходныя накіраванні на выбарчыя ўчасткі (акрэдытацыю). Кампанія дапаможа размеркаваць назіральнікаў па тых участках, якія будуць для іх зручнымі.
Каб стаць назіральнікам, дастаткова запоўніць кароткую анкету.