Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладнага вызвалення кіраўніка ініцыятыўнай групы, блогера папулярнага YouTube канала “Страна для жизни” Сяргея Ціханоўскага. Пра гэта гаворыцца ў заяве, выдадзенай 31 траўня 2020 года.
Яны патрабуюць таксама спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго. Вызвалення і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іншых затрыманых за ўдзел у пікеце 30 траўня 2020 года грамадзян, калі яны непасрэдна не здзяйснялі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, паведамляе spring96.org
Нагадваем, 29 траўня 2020 года падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай, які адбываўся ў Гродне, супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян, якія прымалі ўдзел у дадзеным пікеце.
Паводле інфармацыі журналістаў, якія непасрэдна прысутнічалі пры правядзенні пікета і вялі анлайн-транслацыю, пікет адбываўся мірна, без парушэнняў грамадскага парадку, у адпаведнасці з патрабаваннямі арт. 45.1 ВК Рэспублікі Беларусь.
Затрыманне адбылося пасля яўна незаконнага ўмяшальніцтва супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзян з кіраўніком ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскім.
30 траўня з тэлеграм-канала прэс-сакратара МУС стала вядома аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел якім нібыта прымаў С. Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. На дадзены момант вядома, што Ціханоўскі і яшчэ сямёра затрыманых находзяцца ў ІЧУ Мінска.
Паводле праваабаронцаў, падзеі, якія папярэднічалі затрыманню дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да Ціханоўскага магла быць здзейсненая правакацыя.
Яны падкрэсліваюць, што гэта не першы выпадак пераследу блогера за мірную рэалізацыю ім свабоды мірных сходаў, выказвання меркавання і распаўсюду і збору інфармацыі. Паводле іх, факты дазваляюць зрабіць высновы, аб наяўнасці палітычнага матыва ў боку ўладаў у пераследзе Ціханоўскага і з’яўляюцца падставай для прызнання яго асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.
Пад заявай падпісаліся: Праваабарончы цэнтр “Вясна”; РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, РГА “Прававая ініцыятыва”, ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”, ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”, РГА “Прававая ініцыятыва”Беларускі ПЭН-цэнтр,
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што заява не мае на мэце падтрымку палітычнай пазіцыі С. Ціханоўскага, ці асобы якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, ініцыятыўную групу якой ён прадстаўляе.
аз