„Развіццё падзей у Беларусі на працягу апошніх некалькіх дзён выклікае сур'ёзныя пытанні адносна выканання ўладамі правоў чалавека і асноўных свабод”, - заявіў БелаПАН прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана.
Ён падкрэсліў, што затрыманыя блогер Сяргей Ціханоўскі, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч і іншыя грамадзянскія актывісты і ўдзельнікі мірных акцый пратэсту „павінны быць неадкладна вызваленыя, а іх крымінальны і адміністрацыйны пераслед спынены”.
„З набліжэннем Беларусі да прэзідэнцкіх выбараў важна, каб улады забяспечвалі свабоду сходаў і выказвання меркаванняў. Мы таксама заклікаем Беларусь своечасова запрасіць БДІПЧ АБСЕ для назірання за выбарамі ў адпаведнасці са звычайнай практыкай”, - сказаў Стана.
Вядучы папулярнага youtube-канала „Краіна для жыцця" Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 15 грамадзян былі затрыманыя 29 траўня ў Гродне падчас збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, жонкі відэаблогера. Паводле інфармацыі журналістаў, якія вялі анлайн-трансляцыю з месца падзей, збор подпісаў праходзіў мірна, у адпаведнасці з законам.
30 траўня МУС паведаміў пра распачынанне крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел у якім нібыта браў Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. Вядома, што Ціханоўскі і яго прыхільнікі знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама.
31 мая чатыры праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Ціханоўскага палітвязнем і запатрабавалі ад уладаў яго неадкладнага вызвалення, а таксама спынення крымінальнага пераследу.
1 чэрвеня суд Ленінскага раёна Мінска арыштаваў на 15 сутак апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Яго прызналі вінаватым на падставе ч. 3 арт. 23.34 КоАП (паўторнае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Суд вырашыў, што 24 траўня каля сталічнага Камароўскага рынку Статкевіч „узяў удзел у мітынгу без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама, парушыўшы закон аб масавых мерапрыемствах”, а таксама „публічна выказваў сваю незадаволенасць і негатыўнае стаўленне да дзейнай улады, падзей грамадска-палітычнага жыцця”.
Адміністрацыйныя арышты і штрафы атрымалі і іншыя грамадскія і палітычныя актывісты.
аз