Павал Палейчык – фельчар хуткай дапамогі ў Лідзе. У канцы красавіка ён выказаўся пра сітуацыю з каранавірусам у горадзе і яго працы на камеру падчас сустрэчы, арганізаванай блогерам Сяргеем Ціханоўскім, піша tut.by.
А да гэтага Павел звярнуўся па дапамогу да валанцёраў, таму што медыкам не хапала сродкаў абароны. Ён адкрыта абураўся, калі яго калег адпраўлялі на выклікі да хворых з каранавірусам без ахоўных касцюмаў. Пасля гэтага ён сутыкнуўся з ціскам на працы. У траўні Палейчыка арыштавалі на 7 сутак за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім. Цяпер жа галоўны ўрач Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы папярэдзіў Паўла, што тэрмін яго 5-гадовага кантракту сканчаецца і новы з ім заключацца не будзе, паведамляе MyLida.ORG.
- У мяне была размова з галоўным урачом ЦРБ. Калі коратка: «Пасядзі [без працы] – падумай». Аднак, я не шкадую, што ўсё так атрымалася. Значыць, я на дадзены момант медыцыне не патрэбны. Канкрэтных планаў на бліжэйшую будучыню ў мяне няма. Магчыма, пайду таксаваць, можа быць, пайду ў дэкрэт, а жонка – яна лекар – выйдзе на працу. Дзіцяці зараз 1,8 года. Можа, хто-небудзь што-небудзь прапануе, – кажа Павел у каментары tut.by.
Павел кажа, што на хуткай не хапае лекараў і фельчараў, а яго калегі нават напісалі калектыўны зварот на імя галоўнага лекара ЦРБ Вадзіма Трубчыка з просьбай падоўжыць кантракт фельчару. Па словах Паўла, падпісалася каля 80 чалавек, аднак, ён першапачаткова ведаў, што такі зварот не будзе прынята пад увагу.
ав