«Газпрам» лічыць, што дзеянні супраць «Белгазпрамбанка» парушаюць беларускія законы і закранаюць інтарэсы расійскіх акцыянераў. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве «Газпрама» і «Газпрамбанка», перадае «Еўрарадыё».
«Газпрамбанк» і «Газпрам» як акцыянеры «Белгазпрамбанка» заяўляюць, што 11 чэрвеня праўленне Нацбанка, парушаючы заканадаўства Беларусі, незаконна прызначыла выканаўцу абавязкаў старшыні праўлення і выканаўцу абавязкаў намесніка старшыні праўлення ААТ «Белгазпрамбанк». «Гэтыя прызначэнні суправаджаліся затрыманнем паўнамоцных членаў праўлення »Белгазпрамбанка« праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў заяве.
На думку «Газпрама», дзеянні беларускіх уладаў парушаюць не толькі занакадаўства Беларусі, але і Дамову аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 2014 года. Таксама гэтыя дзеянні непасрэдна закранаюць правы і законныя інтарэсы расійскіх акцыянераў «Белгазпрамбанка», а таксама інтарэсы кліентаў і ўкладчыкаў.
Акцыянеры «Белгазпрамбанка» намераныя дамагацца абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў усімі законнымі прававымі сродкамі.
11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» адбыўся ператрус, учынены супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавы' расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. 12 чэрвеня старшыня КДК Іван Церцель заявіў, што пачатая крымінальная справа за ўхіленне ад выплаты падаткаў і легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.
Падазраванымі па справе праходзяць цяперашнія і ранейшыя банкаўскія супрацоўнікі, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структур. Таксама ён дадаў, што следства мае доказы, што да супрацьпраўнай дзейнасці мае дачыненне экс-кіраўнік банка Віктар Бабарыка, які вылучаецца на пасаду прэзідэнта Беларусі.
Сам Бабарыка ахарактарызаваў гэтыя дзеянні як спробу палітычнага ціску на яго.
«Белгазпрамбанк» дзейнічае ў Беларусі з 1990 года. «Газпраму» і «Газпрамбанку» належыць па 49,8% акцый банка, Дзяржкаммаёмасць Беларусі мае 0,097% акцый.
У лістападзе 2019 года банк заваяваў узнагароду ў намінацыі «Найлепшы банк у рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў рамках рэалізацыі ініцыятывы »Адзін пояс і адзін шлях« аўтарытэтнага дзелавога выдання Asiamoney.
эж