Беларуская Служба

Ціханоўскага змясцілі ў карцар

14.06.2020 08:36
Арыштаваны блогер прабудзе там да 19 чэрвеня.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jhusemannde/pixabay.com/CC0 Public Domain

Як стала вядома праваабаронцам арганізацыі „Вясна”, Сяргей Ціханоўскі цяпер знаходзіцца ў карцары ў следчым ізалятары №1 і прабудзе там да 19 чэрвеня. Пра гэта даведаліся, калі спрабавалі перадаць яму перадачу. Афіцыйная прычына пакарання невядомая.

Суд Гомельскай вобласці 12 чэрвеня разгледзеў скаргу Сяргея Ціханоўскага на 15-суткавы арышт. Суддзя Васіль Бягун пакінуў у сіле рашэнне суду Савецкага раёну аб 15-суткавым арышце Ціханоўскага, нагадвае „Свабода”.

Арыштаваны блогер, якога ўжо абвясцілі палітычным зняволеным, асабіста не прысутнічаў на працэсе, яго дапытвалі па відэасувязі з Мінска.

У скарзе Сяргей Ціханоўскі напісаў, што лічыць 15-суткавы арышт неправамоцным і незаконным, прасіў адмяніць пастанову суду Савецкага раёну Гомля, бо такое рашэнне парушае ягоныя канстытуцыйныя правы - на свабоду сходаў, на свабоду слова. Суд Савецкага раёну Гомля пакараў яго арыштам за сустрэчы з падпісчыкамі ў Салігорску і Мёрах.

аз