«Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуліся да Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека і шэрагу спецыяльных тэматычных дакладчыкаў ААН з просьбай прыняць усе адпаведныя меры для аказання садзейнічання ў паляпшэнні бягучай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама ў правядзенні сумленных і справядлівых выбараў.
Па стане на 16 чэрвеня, па дадзеных Праваабарончага цэнтра “Вясна”, у перыяд з 6 траўня ў Беларусі па адміністрацыйных артыкулах, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах палітычнага пераследу за выказванне меркавання, 97 чалавек былі прыцягнутыя судамі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту (агулам былі прызначаныя 1246 сутак арышту). Па такіх жа артыкулах 105 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам каля 90.000 рублёў (больш за 40.000 долараў ЗША).
Суды працягваюць выносіць у дачыненні да грамадзян, якія ўдзельнічаюць у мірных сходах, адміністрацыйныя арышты на тэрмін да 15 сутак. У дачыненні да некаторых актывістаў вынесена некалькі судовых пастаноў аб арышце за ўдзел у розных мерапрыемствах, такім чынам, яны будуць знаходзіцца пад арыштам больш за 15 сутак (па стане на 16 чэрвеня палітыку Паўлу Севярынцу суды прызначылі 75 сутак, палітыку Мікалаю Статкевічу — 30 сутак, блогеру You-Tube канала MozgON Уладзіміру Цыгановічу — 30 сутак і г.д.).
Умовы адбывання пакарання ў мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), дзе знаходзіцца большасць арыштаваных, можна кваліфікаваць як жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне, паведамляюць правааюаронцы.
Праваабаронцы інфармуюць спецдакладчыкаў пра факты пагроз вылучэнцы ў кандыдаты Святлане Ціханоўскай, пераследу сябраў яе ініцыятыўнай групы і зборшчыкаў подпісаў, а таксама пра ціск на вылучэнца ў кандыдаты Віктара Бабарыку, ператрусы ў ягоных калег і сяброў, сябраў ініцыятыўнай групы і затрыманне 15-ці чалавек.
Праваабаронцы ацэньваюць гэтыя дзеянні ўладаў як незаконны, палітычна матываваны ціск на прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, які выкарыстоўваецца з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад свайго рашэння ўдзельнічаць у выбарах.
эж