Беларуская Служба

«З-за спробы ўздзеяння на сведкаў і ўтойвання доказаў злачынства» затрыманы Бабарыка

18.06.2020 18:02
У Віктара Бабарыкі і яго атачэння праблемы зʼявіліся амаль адразу ж пасля таго, як ён высунуў сваю кандыдатуру ў прэзідэнцкіх выбарах.
Віктар Бабарыкафота: Ірына Арахоўская/Белсат

«З-за спробы ўздзеяння на сведак і ўтойвання доказаў злачынства» затрыманы Бабарыка

Віктар Бабарыка затрыманы з-за спробы ўздзеяння на сведкаў і ўтойвання доказаў злачынства, паведамляе Дзяржкантроль. Пра гэта інфармуе «Наша Ніва».

У выпуску навін на БТ паведамілі, што Бабарыка нібыта быў арганізатарам злачыннай схемы, затрымана 20 чалавек, яны даюць паказанні.

– Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што з'яўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў уздзейнічаць на сведкаў, утаіць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў, – сказаў кіраўнік КДК Іван Церцель у эфіры БТ
Церцель заявіў, што больш за 430 млн долараў незаконна выведзеныя з рахунку Белгазпрамбанка ў банк у Латвіі за некалькі гадоў.

Ён дадаў, што задакументаваныя шматлікія факты атрымання хабару службовымі асобамі банка за даванне крэдытаў прадпрымальнікам і асобам «з дрэннай крэдытнай гісторыяй».

Паведамляецца, што беларускія праваахоўнікі цяпер супрацоўнічаюць з калегамі з 18 краін, накіраваныя адпаведныя запыты, у тым ліку і ў ЗША.

У Віктара Бабарыкі і яго атачэння праблемы зʼявіліся амаль адразу ж пасля таго, як ён высунуў сваю кандыдатуру ў прэзідэнцкіх выбарах.

У апошні тыдзень Аляксандр Лукашэнка абрынуўся на Бабарыку з пагрозамі і абвінавачваннямі, не называючы яго, але ясна ўказваючы, пра каго гаворка. Гэта адбылося пасля таго, як стала ясна, што менавіта Бабарыка набірае рэкордную колькасць подпісаў выбарцаў.

Адначасова з нападкамі Аляксандра Лукашэнкі ад 11 чэрвеня ў кампаніях, звязаных з сябрамі Бабарыкі, прайшлі ператрусы і затрыманні.

«Рубікон пяройдзены», – сказаў у сувязі з гэтым Віктар Бабарыка.

18 чэрвеня сувязь з Віктарам Бабарыкам і ягоным сынам Эдуардам, які ўзначальвае яго ініцыятыўную групу, знікла. Як мяркуецца, яны знаходзяцца ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Вядома, што ў доме Бабарыкі ў Лагойскім раёне праводзіцца ператрус.

вс