Старшыня Беларускай федэрацыі баскетболу (БФБ) і першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў папярэдзіў гульцоў зборнай пра недапушчальнасць выказванняў пра дзейнае кіраўніцтва дзяржавы, піша Радыё «Свабода».
«Вы выступаеце за радзіму, таму неабходна памятаць, што ў сваіх учынках павінны быць сацыяльна адказнымі, – цытуе Максіма Рыжанкова супольнасць БФБ «ВКонтакте». – Кіраўніцтва краіны дае вам усе шанцы для самарэалізацыі. Вы павінны быць арыенцірам ва ўсім – ня толькі на пляцоўцы, але і ў жыцці.
Ні ў аднаго з вас няма ні фінансавых, ні бытавых праблемаў – вы ўсім забяспечаныя дзякуючы той палітыцы, якая рэалізуецца ў нашай краіне. І пэўным спартоўцам, у тым ліку і былым, я б параіў менавіта пра гэта падумаць, перш чым паказушна і безадказна разважаць пра рэчы, далёкія ад іх разумення».
22 чэрвеня мужчынская зборная Беларусі пачала трэнавацца на базе спартовага комплексу менскага клубу «Цмокі». У складзе каманды няма Мікіты Мешчаракова. За некалькі дзён да таго спартовец крытычна выказаўся пра тое, што адбываецца ў Беларусі вакол прэзідэнцкіх выбараў. У федэрацыі патлумачылі, што гэта ніяк не звязана з яго заявамі, бо баскетбаліст рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы ў складзе нацыянальнай каманды ў стрытболе.
Пра адсутнасць выбару ў беларусаў раней таксама выказаліся былы гулец зборнай Аляксандр Куль і адна з наймацнейшых баскетбалістак краіны Алена Леўчанка.
Генеральны дырэктар хакейнага клубу «Дынама» (Менск) Дзмітры Баскаў апублікаваў адкрыты ліст, у якім скрытыкаваў асобных прафесійных спартоўцаў за нязгоду з палітыкай уладаў.
юл