Прычыны праблемаў з якасцю вадаправоднай вады ў некалькіх раёнах сталіцы Беларусі пакуль не выяўленыя, паведаміў старшыня Мінскага гарвыканкаму Анатоль Сівак, паведамляе „Свабода”.
„У зону сістэмы водазабеспячэння, дзе паўсталі праблемы з якасцю вады, трапіла 2 569 дамоў. У 96% з іх ужо завершанае прамыванне вадаправодаў. Гарадскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі ў асобных пунктах, іх каля 100, робіцца аналіз вады. Калі вынікі будуць станоўчымі, абмежаванні па спажыванне пітной вады здымуць”, — спасылаецца на Сівака телеграм-канал „Менск. Афіцыйна”.
Паводле кіраўніка гарадской улады, сыходзячы з дакладаў службаў, адна з версій прычын здарэння звязаная з тэхнічным рэгламентам па замене часткі вадаводу. Ён адзначыў, што праблемы паўсталі ў тых раёнах, куды вада падаецца з паверхневых крыніцаў.
Першыя звароты пачалі паступаць ад жыхароў Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў, тэрыторыя якіх знаходзіцца побач з ачышчальнымі станцыямі. Да астатніх няякасная вада дайшла пазней, таму што да іх большая адлегласць, гэта мікрараёны чыгуначнага вакзалу, Курасоўшчына, Няміга, Ціміразева.
24 чэрвеня жыхары Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў Мінска пачалі скардзіцца на пах з вадаправоду. У той жа дзень Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўзяў пробы вады і па выніках лабараторных даследаванняў канстатаваў неадпаведнасць пітной вады санітарным нормам.
У сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзянаў Генпракуратура пачала праверку выканання заканадаўства аб пітным водазабеспячэнні.
аз