Цэнтрвыбаркам не плануе запускаць у дзень выбараў 9 жніўня інфацэнтр для прадстаўнікоў СМІ. Папярэднія вынікі журналістам агучаць раніцай 10-га, за выключэннем дзяржаўных выданняў, піша Tut.by.
Традыцыйна ў дзень прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у малой залі Палаца Рэспублікі разгортваецца прэс-цэнтр для журналістаў. Кожныя 2-3 гадзіны старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына агучвае свежыя звесткі пра ход галасавання. Пасля поўначы яна дае апошнюю прэс-канферэнцыю, падчас якой абʼяўляе першыя папярэднія вынікі. Сёлета такога прэс-цэнтру, мяркуючы па ўсім, ня будзе, сказалі ў Цэнтрвыбаркаме.
- Пакуль фармат канчаткова ня вызначаны, але на гэтых выбарах такога інфацэнтру ў Палацы Рэспублікі, хутчэй за ўсё, ня будзе. Гэта звязана з эпідэміялагічнай сітуацыяй. Калі ня здарыцца істотных паляпшэнняў, то мы ня можам збіраць такую колькасць людзей у адным месцы. У інфацэнтры звычайна прысутнічаюць ня толькі журналісты, а і назіральнікі, і шмат іншых людзей.
Папярэдне плануецца, што замест прэс-канферэнцый 9 жніўня Лідзія Ярмошына будзе выходзіць у жывы эфір дзяржаўных тэлеканалаў і паведамляць пра яўку на выбарах і ход галасавання.
Толькі на наступны дзень ЦВК зладзіць ранішні брыфінг у Палацы Рэспублікі для журналістаў.
У Цэнтрвыбаркаме падкрэслілі, што канчатковае рашэнне будзе прынятае бліжэй да сярэдзіны ліпеня.
юл