У Міністэрстве энергетыкі Беларусі пацвердзілі аднаўленне імпарту электраэнергіі з Украіны, паведамляе «Радыё свабода».
«Гаворка аб узаемавыгадным супрацоўніцтве на парытэтнай аснове, калі пры тэхнічнай магчымасці і эканамічнай мэтазгоднасці ажыццяўляюцца ўзаемавыгадныя пастаўкі электраэнергіі», – спасылаецца «Інтэрфакс» на прадстаўніцу ведамства Вольгу Казловіч.
Экспарт беларускай электраэнергіі ў першым квартале 2020 году знізіўся больш як на 20%
Напярэдадні прэс-служба ўкраінскай карпарацыі «Энергаатам» паведаміла, што Украіна аднавіла экспарт электраэнергіі ў Беларусь, які быў прыпынены 1 кастрычніка 2014 году. Тады крок тлумачыўся дэфіцытам электраэнергіі для ўнутраных патрэбаў.
Ад 2018 году Беларусь пасля мадэрнізацыі энергасістэмы стала экспартаваць электраэнергію, у тым ліку ва Украіну і краіны Балтыі.
Беларускія ўлады анансавалі, што ўжо ў жніўні адбудзецца фізічны пуск першага энергаблоку атамнай электрастанцыі, якая ўзводзіцца ў Астраўцы на Гарадзеншчыне паводле праекту расейскай карпарацыі «Росатом».
эж