Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Незалежныя прафсаюзы заклікаюць да стварэння Нацыянальнага стачкама

18.08.2020 10:02
Мэта – перадача ўлады ў краіне, каб пазбегнуць двоеўладдзя і выйсці з палітычнага крызісу.
Ілюстрацыйны здымакEPA/STR Dostawca: PAP/EPA.

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) узяў на сябе каардынацыю стварэння Нацыянальнага стачачнага камітэту які мае аб'яднаць стачкамы прадпрыемстваў, гаворыцца ў заяве, якую сёння распаўсюдзіў старшыня БКПД Александр Ярошук.
Кангрэс заклікаў цягам бліжэйшых дзён стварыць стачачныя камітэты на прадпрыемствах ды Нацыянальны страйкавы камітэт (НСК). Гэтая структура магла б уступіць у прамы дыялог з уладнымі структурамі пра транзіт улады ў краіне.

БКПД звязвае гэта з тым, што сітуацыя ў Беларусі знаходзіцца ў крытычным пункце, уладныя структуры паралізаваныя і не могуць прымаць рашэнняў, прэзідэнт Лукашэнка ні ў якім разе не жадае прызнаваць, што народ канчаткова і беспаваротна адмовіў яму ў даверы і патрабуе неадкладнага сыходу. У сваю чаргу, абраны прэзідэнт Святлана Ціханоўскі, якая заявіла ўчора пра сваю гатовасць стаць Нацыянальным лідарам, не можа ні сама, ні які фармуецца ёю Каардынацыйны савет, пачаць дыялог пра транзіт улады, перакананыя прафсаюзныя лідары.

Гэта можа прывесці да надзвычай небяспечнай для краіны сітуацыі двоеўладдзя, зазначае лідар БКПД. Яе трэба як мага хутчэй вырашыць і зрабіць крок па выхадзе з вострага палітычнага крызісу.
Кангрэс перакананы, што адзіныя, хто могуць гэта зрабіць – рабочыя, якія ўступілі ў бестэрміновую забастоўку, арганізаваныя ў стачачны камітэт на прадпрыемствах.

Незалежныя прафсаюзы Беларусі ўжо прыступілі да стварэння стачачных камітэтаў на сваіх прадпрыемствах. Шахцёры ААТ «Беларуськалій» стварылі стачкамы на ўсіх рудаўпраўленнях, дзе функцыянуе магутны і эфектыўна дзеючы Незалежны прафсаюз гарнякоў (НПГ). У бліжэйшы час з актыўным удзелам незалежных прафсаюзаў гэта зробяць рабочыя ААТ «Гродна Азот», ААТ «Нафтан» і завод «Палімір», ААТ «Мазырскі НПЗ». Тое ж самае вам трэба неадкладна зрабіць на МТЗ, МАЗе, Гомсельмашы, БелАЗе, Белшыне і на ўсіх іншых прадпрыемствах краіны і адразу дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у Нацыянальны страйкавы камітэт, заклікаў БКПД.

юл