Пра гэта заявіў прэсавы сакратар прэзідэнта Расіі Уладзімір Пяскоў. У сваю чаргу міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў прызнаў, што выбары не былі ідэальнымі і што, ён спадзяецца, пратэстоўцы пойдуць на дыялог з уладамі.
Тым часам Члены Каардынацыйнай рады па перадачы ўлады правялі першае першае пасяджэнне – быў сфармаваны прэзідыум Каардынацыйнай рады. У яго трапілі 7 чалавек:
Святлана Алексіевіч (нобэлеўская лаўрэатка па літаратуры)
Вольга Кавалькова (давераная асоба Святланы Ціханоўскай)
Марыя Калеснікава (кіраўніца штаба Віктара Бабарыкі)
Павел Латушка (былы міністр культуры, дыпламат)
Максім Знак (юрыст Аб'яднанага штаба)
Сяргей Дылеўскі (прадстаўнік стачкама Мінскага трактарнага завода)
Лілія Уласава (юрыстка-міжнародніца, медыятар).
На прадпрыемствах Беларусі працягваецца «браджэнне». Калектывы гуртуюцца і намагаюцца адстойваць сваё права на голас, на свабоду і справядлівасць. Ідэалагічны і сілавы апарат рэжыму Лукашэнкі мабілізаваны на заводы і фабрыкі, каб адгаварыць ці адстрашыць ад забастовак. Прыходзяць шматлікія паведамленні пра ціск і пагрозы рабочым, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю.
Большасць калектываў спадзяецца дабіцца рэалізацыі сваіх патрабаванняў без спынення працы. Магутная дэманстрацыя прайшла на «Гродна Азоце» сёння, 19 жніўня. Адстаўка Лукашэнкі, свабодныя выбары і вызваленне палітвязняў – вось гэтыя патрабаванні, прынятыя на сходах. Многія ўстановы дэманструюць сваю пазіцыю выхадам на суседнюю вуліцу ў час абеду іх падтрымліваюць мясцовыя жыхары. Працоўныя «Беларуськалію» таксама зладзілі вялікі мітынг пратэсту. Беларускія шахцёры працягваюць забастоўку:
Пратэсты ахопліваюць усе большую колькасць калектываў, у тым ліку не ў прамысловым сектары. У знак пратэсту звальняецца калектыў радыё «Сталіца».
«З панядзелка супрацоўнікі радыё падтрымалі агульнанацыянальную забастоўку. З самага ранку ў эфір не выйшла ні адна забаўляльная праграма. 19 жніўня амаль усім калектывам было прынята рашэнне напісаць заявы аб звальненні», – паведамляе дырэктар Радыё «Сталіца» Валеры Кандрацьеў.
Цяпер на радыё «Сталіца» грае адна музыка з устаўкамі спорту і прагнозам надворʼя.
nn.by/tut.by/svaboda.org/эж