Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Лукашэнка прыгразіў Польшчы і Літве санкцыямі ў адказ

28.08.2020 19:04
Павал Усаў: Лукашэнка ніколі гэта не зробіць. Гэтыя заявы – зусім неадэкватная ацэнка сітуацыі. 
Port w Kłajpedzie
Port w KłajpedzieShutterstock.com/ Vytautas Janusauskas

Аляксандр Лукашэнка сёння заявіў, што гатовы ўвесці санкцыі ў адказ у дачыненні да Літвы і Польшчы, якія плануюць прыняць меры супраць уладаў Беларусі за фальсіфікацыі выбараў і дзеянні сілавых структураў супраць мірных пратэстоўцаў.

Лукашэнка паабяцаў спыніць транзіт праз Беларусь у Расію і Кітай і заявіў, што Беларусь не будзе выкарыстоўваць парты Літвы для экспарту сваёй прадукцыі.

«Лукашэнка ніколі гэта не зробіць. Гэтыя заявы – зусім неадэкватная ацэнка сітуацыі», – кажа палітычны аглядальнік Павал Усаў.

- Калі Лукашэнка хаця на палову выканае тыя свае пагрозы, беларуская гаспадарка проста абрынецца. Беларусь жыве менавіта з транзіту не толькі энерганосьбітаў, а таксама і тавараў. З гэтага ідуць значныя сумы ў бюджэт краіны.

Падобнае рашэнне пагоршыць інвестыцыйны клімат, а Турцыя і Кітай зразумеюць, што Беларусь неадэкватны партнёр для таго, каб перапраўляць тудою свае тавары на Захад, – дадае Павал Усаў.

«Вось мы ім зараз пакажам, што такое санкцыі. Калі яны яшчэ ў Кітай і Расею праз нас (палякі і літоўцы) баражыравалі, цяпер яны будуць лётаць або праз Балтыку або Чорнае мора гандляваць з Расіяй. А па санкцыйнай прадукцыі, на якую Расія ўвяла эмбарга – хай нават не мараць », – заявіў Аляксандр Лукашэнка. І такім чынам ён прызнаўся, што Беларусь прапускае ў Расію, тавары еўрапейскіх прадаўцоў, на якія Расія наклала санкцыі.

Лукашэнка казаў таксама, што загадаў перанакіраваць беларускія гандлёвыя патокі з партоў Літвы на іншыя.

«Вось мы і паглядзім, як яны будуць жыць. 30% літоўскага бюджэту фарміруюць нашы грузапатокі праз Літву. Тым часам эксперты зняпраўджваюць гэтую інфармацыю і кажуць, што беларускі транзіт праз Літву дае гэтай краіне 2-3% прыбытку».

яс