Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Гродна ізноў затрыманні і разгон мірных пратэстоўцаў

20.09.2020 19:23
У Гродне падчас акцыі салідарнасці затрымана некалькі дзясяткаў чалавек, пратэстоўцаў у цэнтры гораду жорстка разагнаў АМАП.
  .  .
Пратэсты ў Гродна. Ілюстрацыйны здымак.Алесь Завіноўскі

Традыцыйна гродзенцы ў нядзелю збіраліся на вуліцы Савецкай побач з Маладзёжным цэнтрам. Людзей сёння было менш чым звычайна – каля тысячы чалавек.

Рабочы Мечыслаў распавёў, што прыходзіць на акцыі кожную нядзелю. Ён лічыць, што ў краіне павінна быць адноўлена справядлівасць.

- Праўда на нашым баку і мы не хочам ніякай вайны, беспарадкаў – мы хочам, каб нас пачулі. Нас падманулі, не далі правесці нармальных прэзідэнцкіх выбараў.

Калона пратэстоўцаў намервалася прайсці да плошчы Леніна, але шлях перакрыў АМАП. Рушылі ў адваротны бок – і плошчу Савецкую перакрыў АМАП.

Дэманстрантаў выціснулі на праезджую частку вуліцы Вялікай Траецкай, а калі яны ўжо набліжаліся да Віленскай АМАП акружыў іх з двух бакоў і пачаўся хапун.
Затрымана некалькі дзясяткаў чалавек. Акцыя была разагнана практычна ў самым яе пачатку.

Відавочцы адзначаюць сёння вялікую колькасць людзей у чорным, якія затрымлівалі пратэстоўцаў і цягнулі ў аўтазакі. Асобныя групы пратэстоўцаў спрабавалі арганізавацца ў іншых месцах гораду, але масавай акцыі больш не атрымалася.

Алесь ЗАВІНОЎСКІ