Сустрэча 21 верасня прайшла вельмі эмацыйна. Замест запланаваных 45 хвілін гутарка расцягнулася на паўтары гадзіны. Амаль усе пытанні, адрасаваныя дэпутату, тычыліся мінулых прэзідэнцкіх выбараў і таго, што адбывалася ў горадзе пасля іх. На сустрэчы незалежныя назіральнікі расказалі дэпутату пра фальсіфікацыі на выбарах і спыталіся, хто за гэта будзе несці адказнасць. Дзяніс Карась адказаў, што не бачыць прычын не верыць вынікам, агучаным у ЦВК. Былі пытанні і да дзейнасці самога Дзяніса Карася, у дачыненні якога, як у дачыненні іншых дэпутатаў па ўсёй краіне, грамадзяне ініцыявалі працэдуру адклікання. Дзяніс Карась запэўніў грамадзянаў, што ў парламенце працуе камісія, якая вывучае пытанні празмернага ўжывання сілы супрацоўнікамі МУС падчас акцый пратэсту ў Беларусі 9 – 11 жніўня.
Спыталі дэпутата і пра яго дачыненне да таго, што Аляксандр Лукашэнка з'яўляўся на публіцы з аўтаматам. Дзяніс Карась адказаў, што прэзідэнт вельмі перажывае за сваю краіну. Пад канец сустрэчы людзі перадалі дэпутату спіс праблемных пытанняў.
Для Беларускай Службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко
У Наваполацку прайшла сустрэча выбаршчыкаў з дэпутатам Дзянісам Карасём