У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй «Libereco - Партнёрства за правы чалавека», дэпутаты парламента Германіі Вібке Эсдар (СДПГ), Франк Хайнрых (ХДС) і Крысціян Петры (СДПГ) сталі «хроснымі» палітычных зняволеных Юліі Шардыка, Юрыя Васкрасенскага і Ігара Ярмолава, паведамляе spring96.org.
«Я патрабую свабоды для Юліі Шардыка і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі», - . заявіла Вібке Эсдар, дэпутатка Бундэстага ад партыі СДПГ, якая стала «хроснай» Юліі Шардыка.
Арышт мірных дэманстрантаў асудзілі таксама Франк Хайнрых, сябра Камітэта па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе ў Бундэстагу Германіі (ХДС), які стаў «хросным» Юрыя Васкрасенскага і Крысціян Петры, прадстаўнік па пытаннях еўрапейскай палітыкі парламенцкай групы СДПГ у Бундэстагу Германіі - «хросны» Ігара Ярмолава.
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя «Libereco — Партнёрства за правы чалавека» распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.
З пачатку кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў сталі «хроснымі» трыццаці двух палітвязняў у Беларусі. Яны паабяцалі зрабіць усё магчымае дзеля вызвалення зняволеных.
аз