Лідэр Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, член прэзідыуму Каардынацыйнай рады Павал Латушка заклікаў кіраўніка Еўрапарламенту, вярхоўнага прадстаўніка Еўрапейскага звязу ў замежнай палітыцы і ўсе краіны ЕЗ да актыўных дзеянняў для ўрэгулявання сітуацыі ў Беларусі, перадае «Радыё Свабода».
Зыходзячы з дакладу АБСЕ ў рамках «Маскоўскага механізму» і падыходу, выказанага ў рэзалюцыі Еўрапарламенту 21 кастрычніка 2020 году, гаворыцца ў звароце, антыкрызіснае кіраўніцтва сярод іншых захадаў прапануе ў найбліжэйшы час сфармаваць місію высокага ўзроўню, якая б садзейнічала вырашэнню крызісу ў і вакол Беларусі.
Ціханоўская заклікала еўрапейскіх лідараў падтрымаць эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
На думку НАК, у гэтую місію важна ўключыць высокіх прадстаўнікоў ЭЗ і Расіі. Удзел Расейскай Федэрацыі ў вырашэнні крызісу, як гаворыцца ў звароце, вітаецца і залежыць ад гатовасці даць рэальную ацэнку масаваму і жорсткаму гвалту сілавога апарату і падтрымаць падыходы беларускага грамадства ў справе спынення грубага парушэння Канстытуцыі ў краіне.
Мэта гэтай місіі, гаворыцца ў звароце, садзейнічаць рэальнаму дыялогу для спынення гвалту і рэпрэсій, прыцягнення да адказнасці вінаватых, вызвалення палітычных зняволеных і правядзення новых дэмакратычных выбараў.
Напярэдадні з заклікам да лідараў Еўразвязу ўвесці трэці пакет санкцыяў супраць беларускага рэжыму і прадпрыемстваў, якія яго падтрымліваюць, у Стакгольме выступіла Святлана Ціханоўская.
Таксама ў аўторак лідары Літвы і Польшчы выступілі з заклікам да эканамічных санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі.
эж