Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам шведскага парламента і кіраўнікамі МЗС Швецыі. Яна заклікала Швецыю пераарыентаваць праграмы фінансавай дапамогі, каб яны паступалі не рэжыму Лукашэнкі, а грамадзянскай супольнасці, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай. Гаворка ідзе пра 24 мільёны еўра, якія плануецца накіраваць на дапамогу страйкоўцам - рабочым, журналістам, актывістам, праваабаронцам і ўсім ініцыятывам, якія змагаюцца за свабоду Беларусі.
На сустрэчы са шведскімі парламентарыямі Святлана абмеркавала падтрымку сярэднетэрміновай праграмы стабілізацыі перад новымі выбарамі ў Беларусі. Гэтая праграма – да 150 мільёнаў еўра – уключае ў сябе дапамогу малому бізнесу, рабочым, студэнтам і ўсім, хто падвергнуўся рэпрэсіям.
Шведскія дэпутаты абяцалі падтрымку ў пытанні адмены або пераносу чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі і ціску на кампаніі, якія працягваюць супрацоўніцтва з прадпрыемствамі рэжыму, якія рэпрэсуюць страйкоўцаў.
Святлана Ціханоўская паведаміла, што перадала ў Брусель «Спіс Тарайкоўскага» і заклікала ЕЗ увесці санкцыі, у тым ліку эканамічныя, супраць прадпрыемстваў, звязаных з Лукашэнкам.
Заўтра ЕЗ будзе разглядаць гэтае пытанне. Святлана зрабіла акцэнт, што дапамога грамадзянскай супольнасці Беларусі, як і санкцыі, – гэта вельмі тэрміновыя пытанні: «кожны дзень прамаруджання – гэта дзясяткі збітых, параненых і, магчыма, забітых. Мы разлічваем на аднагалосную пазіцыю ўсіх краін, для якіх важныя правы чалавека і дэмакратыя».
эж