У Эканамічным судзе Мінску разгледзелі справу па іску Мінінфарма супраць TUT.BY. Міністэрства лічыць, што «няпэўная інфармацыя» ў матэрыялах, за якія вынесеныя папярэджанні, наносіць шкоду дзяржаўным інтарэсам. TUT.BY падчас суду адзначаў, што пазбаўленне статусу СМІ абмяжоўвае права грамадзян на доступ да дакладнай інфармацыі. Суддзя пастанавіў пазбавіць TUT.BY статусу СМІ.
Абаронца ад Мінінфарма ў якасці прыкладаў нанесенай шкоды дзяржаўным інтарэсам прывяла матэрыялы, па якіх былі вынесеныя папярэджанні. Паводле Мінінфарма, завышаючы памер сум, якія падлягалі да выплаты работнікам Камітэта дзяржкантролю, партал масава дэзінфармуе насельніцтва аб парадку размеркавання і расходавання бюджэтных сродкаў. Таксама абаронца адзначыў, што публікацыя не адпаведае рэчаіснасці і дыскрэдытуе дзейнасць дзяржорганаў, гэтым самым партал наносіць шкоду дзяржаўным інтарэсам.
Абарона TUT.BY лічыць, што Мінінфарм дапусціў парушэнне, не ўказаўшы, у чым у дадзеным выпадку заключаецца дзяржаўны інтарэс. Акрамя таго, задавальненне пазову аб пазбаўленні TUT.BY статусу СМІ будзе накіравана супраць інфармацыйнага суверэнітэту Беларусі, згодна з пастановай Саўміна «Аб Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі», дзе гаворыцца, што ў парадку дасягнення інфармацыйнага суверэнітэту дзяржава забяспечвае развіццё нацыянальных СМІ.
Генеральны дырэктар ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Людміла Чэкіна кажа, што рашэнне суда не стала для іх нечаканасцю:
-Мы будзем яго абскарджваць, каб выкарыстаць усе законныя метады абароны нашых правоў і правоў нашых чытачоў.
Пры гэтым Людміла Чэкіна адзначыла, што пазбаўленне іх статусу СМІ ўскладніць працу партала:
-Нам будзе складаней атрымліваць інфармацыю. У прынцыпе так адбываецца з 1 кастрычніка, калі нам прыпынілі статус СМІ, мы пазбаўлены некаторых правоў, якія дадзеныя СМІ. Тым не менш, мы стараемся спраўляцца, прыкладаем больш намаганняў, каб атрымліваць інфармацыю з іншых крыніц, каб наш чытач не пацярпеў.
З 7 жніўня 2020 года TUT.BY атрымаў чатыры папярэджанні па матэрыялах «У сем разоў больш выбаршчыкаў і «таемныя» пратаколы. Якія парушэнні ўбачылі назіральнікі і што сказаў ЦВК?», «Камітэт дзяржкантролю зможа выплаціць буйныя прэміі работнікам, якія праявяць сябе ў рэзанансных справах», «Да рэдактара TUT.BY прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках» і «Беларуская мытня папрасіла пацвердзіць, што ў «Гары Потэра» няма заклікаў да звяржэння ўлады».
ав/tut.by