Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

БАЖ заклікала структуры ААН прыкласці ўсе намаганні, каб беларускія журналісткі былі вызваленыя

03.12.2020 17:01
БАЖ прыняў удзел у анлайн-семінары пад эгідай ААН «Палітычныя зняволеныя ў Беларусі: погляд грамадзянскай супольнасці».
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnepixabay.com

Напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека Еўрапейская дэлегацыя пры ААН у Нью-Ёрку разам з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці Беларусі правяла анлайн-сустрэчу, каб прадэманстраваць ролю суб'ектаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі сістэмы ААН, дзяржаў-членаў і грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці Пасол Олаф Скуга, кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС пры ААН у Нью-Ёрку. Выступілі Эйман Гілмар, спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека, Ілзэ Брандс Кехрыс, памочніца Генеральнага сакратара ААН па правах чалавека.

Беларусь прадстаўлялі Вольга Сяховіч – сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыстка, Валянцін Стэфановіч – намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна», Алена Агарэлышава – сябра феміністычнай групы Каардынацыйнага савета, Алег Гулак – старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта.

Абмяркоўваліся рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян Беларусі пасля выбараў 9 жніўня, сітуацыя з палітычнымі зняволенымі, у прыватнасці з работнікамі СМІ, жанчынамі і праваабаронцамі, рэабілітацыя і кампенсацыі незаконна затрыманым; дзеянні для расследаванняў злачынстваў, правасуддзе і адказнасць.

Прадстаўніца ГА «БАЖ» Вольга Сяховіч у сваім выступе адзначыла, што ўпершыню ў Беларусі склалася сітуацыя, калі адразу тры журналісты зʼяўляюцца палітвязнямі. Гэта – Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова.

«Беларусь – краіна, дзе ўмовы папярэдняга зняволення зʼяўляюцца бесчалавечнымі, яны зневажаюць годнасць і дыскрымінацыйныя ў дачыненні да жанчын», – падкрэсліла Вольга Сяховіч.
А журналісты пераследуюцца выключна за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркаванняў і павінны быць вызваленыя, крымінальныя справы супраць іх спыненыя.

«Я хацела б заклікаць дзяржавы-члены ААН, спецыяльныя працэдуры ААН па правах чалавека, гуманітарныя і жаночыя праваабарончыя арганізацыі прыкласці ўсе намаганні, каб тры беларускія журналісткі, якія зʼяўляюцца палітычнымі вязнямі, не засталіся ў турме», – звярнулася Вольга Сяховіч у сваім выступе да аўдыторыі.

ав/БАЖ