Мінск павінен падтрымаць спробы АБСЕ паспрыяць нацыянальнаму дыялогу з улікам парушэнняў правоў чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве ад імя 37 дзяржаў-удзельніц АБСЕ, якое на паседжанні Савета міністраў замежных спраў гэтай структуры ў пятніцу зачытала пастаянны прадстаўнік Фінляндыі пры гэтай міжнароднай арганізацыі Пяйві Лайвала дэ Разьер. Расіі ў спісе падпісантаў заявы няма, паведамляе агенцтва ТАСС.
„Мы заклікаем Беларусь уключыцца ў дыялог у рамках АБСЕ і цалкам падтрымаць намаганні па садзейнічанні нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі. Мы гатовыя спрыяць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу з мэтай устойлівага ўрэгулявання цяперашняга крызісу, забеспячэння суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, а таксама яе бяспечнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні”, — гаворыцца ў заяве, якую распаўсюдзіла прадстаўніцтва Фінляндыі пры АБСЕ.
„За апошнія некалькі месяцаў мы сталі сведкамі сур'ёзных і працяглых парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Справаздача дакладчыка Маскоўскага механізма [АБСЕ], прафесара Вольфганга Бенедэка, прадставіла вялікую колькасць доказаў аб мірных дэманстрантах, якія падвяргаліся жорсткім нападам і катаванням з боку ўладаў проста за тое, што яны патрабавалі правядзення свабодных і справядлівых выбараў і лепшай дэмакратычнай будучыні для сваёй краіны”, - адзначаецца ў дакуменце.
37 дзяржаў-членаў АБСЕ таксама паінфармавалі пра тое, што, „згодна з вартымі даверу паведамленнямі, пасля прэзідэнцкіх выбараў колькасць арыштаў мірных дэманстрантаў, журналістаў і праваабаронцаў ацэньваецца ў 30 тысяч”. „Колькасць палітычна матываваных крымінальных спраў набліжаецца да 900. Спіс палітвязняў працягвае расці і налічвае больш за 100 прозвішчаў. Няма ніякіх доказаў, што ўлады расследуюць тысячы задакументаваных паведамленняў аб жорсткасцях і катаваннях з боку міліцыі, зафіксаваных з сярэдзіны жніўня, або аб забойствах пратэстоўцаў. Мы асуджаем прымяненне сілы супраць беларусаў, якія выкарыстоўваюць свае правы чалавека і асноўныя свабоды”, — чытаем у сумеснай заяве.
Дзяржавы - падпісанты заявы ўпэўненыя, што ў Беларусі відавочна парушаюцца прынцыпы і абавязацельствы АБСЕ ў дачыненні да пашаны правоў чалавека і асноўных свабод, а таксама дэмакратычных прынцыпаў кіраваньня.
У Беларусі ўжо чацвёрты месяц праходзяць масавыя акцыі пратэсту беларусаў, якія не згаджаюцца з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня. Па дадзеных ЦВК, на іх перамог дзеючы кіраўнік Аляксандр Лукашэнка, атрымаўшы 80,10% галасоў падтрымкі. Другое месца заняла Святлана Ціханоўская, якая атрымала з 10,12% галасоў. Ціханоўская не прызнала вынікаў выбараў і пакінула краіну. Створаны ў рэспубліцы Каардынацыйны савет заклікае беларусаў працягваць пратэсты. Самыя масавыя акцыі праходзяць у Мінску і іншых гарадах краіны па нядзелях.
аз