Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, 32-гадовы і 25-гадовы берасцейцы прызнаныя вінаватымі па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні тым абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучаны з ужываннем гвалту і пагрозай яго прымянення).
25-гадовы мужчына прысуджаны да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, 32-гадовы – да трох гадоў. Прысуд пакуль не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.
Малодшы з асуджаных знаходзіцца пад вартай з 21 верасня, старэйшы – з 7 кастрычніка.
Па версіі следства, увечары 9 жніўня «група маладых людзей, якія ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на праспекце Машэрава ў Брэсце, здзейсніла напад на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія ахоўвалі грамадскі парадак». Маладыя людзі, гаворыцца ў матэрыялах справы, у ходзе нападу на міліцыянтаў «наносілі ім удары рукамі і нагамі па розных частках цела».
«Суд не адказваў крытэрыям незалежнасці і бесстароннасці, а фігурантам гэтай справы адмоўлена ў правасуддзі, – лічыць Вялічкін. – Па гэтай крымінальнай справе пацярпелымі праходзілі два супрацоўнікі міліцыі. Адзін з іх у судзе паказаў, што два дні накульгваў, у яго ўтварылася гематома, пабольвала вуха. Другі заявіў, што яму толькі пагражалі фізічным гвалтам».
Праваабаронца нагадаў, што ўвечары 9 жніўня жыхары горада выйшлі на стыхійную акцыю пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Паводле яго слоў, супрацоўнікі міліцыі з прымяненнем сілы і спецсродкаў жорстка затрымлівалі мірных пратэстуючых, адбылося некалькі сутычак з сілавікамі.
Па дадзеных УУС Брэсцкага аблвыканкама ў горадзе з 9 па 11 жніўня было затрымана больш за 800 удзельнікаў акцый пратэсту.
naviny.by/ав