Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў настаяцельніцу Гродзенскага жаночага манастыра БПЦ Марыю Глухаву (ігуменню Гаўрыілу) ордэнам Францыска Скарыны. Сярод праваслаўных вернікаў падзея не засталася незаўважанай.
Ігумення Гаўрыіла стала вядома на ўсю краіну сёлета, калі падчас выступу на жаночым форуме «За Беларусь» 17 верасня называла апанентаў улады «дэманамі» і «сектантамі», а таксама зганьбіла нацыянальныя сімвалы Беларусі.
Адзін з праваслаўных вернікаў спадар Раман заўважыў, што не бачыць у гэтым нічога дзіўнага, бо Лукашэнка раздае ўзнагароды толькі сваім прыхільнікам.
Адзінае, паводле яго, што ордэнам Скарыны ўзнагароджваюць людзей, якія насамрэч да развіцця беларускай культуры не маюць дачынення:
-Мы ўсе бачылі і чулі той выступ ігуменні Гаўрыілы і былі абураныя яе некарэктнымі выказваннямі, але рэлігія павінна заставацца па-за палітыкай.
Спадар Раман таксама нагадвае, што тады ад заяваў ігуменні адмежаваліся нават у Беларускай праваслаўнай царкве, падкрэсліўшы, што гэта яе асабісты погляд на тое, што адбываецца.
Дарэчы, дзяржаўнымі ўзнагародамі ў сераду Лукашэнка адзначыў блізу ста чалавек.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ