Мінскі юрыст павесіў у пустой кватэры бацькоў у Ганцавічах БЧБ-сцяг. Яе ўскрылі па ананімцы, што там адбылося забойства.
Юрыст Андрэй Косаў жыве ў Мінску, але мае кватэру ў Ганцавічах, якая засталася ад памерлых бацькоў.
У пачатку снежня Андрэй павесіў у гэтай кватэры на балконе бела-чырвона-белы сцяг з гербам Ганцавічаў і вярнуўся ў Мінск.
10 снежня з ганцавіцкай міліцыі яму патэлефанавалі і запатрабавалі адамкнуць дзверы кватэры. «Быццам, паводле ананімнага паведамлення ёсць падставы меркаваць, што ў гэтай кватэры здзейснена забойства», – расказаў «Нашай Ніве» Косаў.
Мужчына адказаў, што не можа па голасе ідэнтыфікаваць работнікаў міліцыі, і паклаў трубку.
Ганцавіцкая міліцыя ўскрылі кватэру. Сляды забойства не былі знойдзены, але за сцяг на балконе на Косава склалі пратакол па артыкуле 23.34.
Даручэнне правесці апытанне было перададзена ў Мінск па месцы жыхарства.
Але калі Косаў прыйшоў, яго затрымалі супрацоўнікі Ганцавіцкага РАУС і адвезлі ўначы ў Ганцавічы. Там Косаў трое сутак чакаў суда.
«Сведкам выступаў начальнік аддзела ідэалогіі мясцовага выканкама Віктар Супрун, які пабачыў сцяг з вуліцы. У рэальнасці кватэра ўскрывалася, бо існавала падазрэнне, што ў ёй можа адбывацца «несанкцыянаваны сход па падрыхтоўцы да масавага мерапрыемства», – кажа Косаў.
Кватэру ўскрывалі без папярэдняй санкцыі пракурора, а рашэннем кіраўніка мясцовай міліцыі з уведамленнем пракурора постфактум.
Старшыня Ганцавіцкага суда Уладзімір Космач прызнаў Косава вінаватым і даў яму 10 базавых штрафу.
Адразу пасля суда на мінскага юрыста завялі яшчэ адзін пратакол – за няяўку па позве. Той жа суддзя пры разглядзе справы праз тыдзень абмежаваўся папярэджаннем.
яс