Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Гродзенская міліцыя папярэдзіла, што ўначы на цэнтральную ялінку не будуць прапускаць людзей з БЧБ-сцягамі

31.12.2020 12:26
Забарону патлумачылі палітычнай сітуацыяй у краіне.
Аўдыё
  • Гродзенская міліцыя папярэдзіла гараджан, што ўначы на цэнтральную ялінку горада не будуць прапускаць людзей са зброяй і бел-чырвона-белымі сцягамі
Нацыянальны беларускі сцяг Альберт Ежы Вяжбіцкі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Гродзенская міліцыя папярэдзіла гараджан, што ўначы на цэнтральную ялінку горада не будуць прапускаць людзей са зброяй і бел-чырвона-белымі сцягамі.

На Новы год ужо па ўсталяванай уладамі традыцыі людзей на цэнтральную ялінку прапускаюць праз КПП, дзе праводзяць асабісты дагляд адпаведнымі прыборамі, каб чалавек не праносіў выпіўку, забароненую піратэхніку.

Але ніколі аж так не гучала, як сёлета, што забаронена мець халодную, агнястрэльную, газавую або іншую зброю, выбуховыя рэчывы і боепрыпасы, іх імітацыю і муляжы.

Да такога ў Гродне ніколі не даходзіла. Іншая справа, калі нагадвалі, што не прапусцяць на свята людзей з хатнімі жывёламі, на роварах і ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення.

Сёлета сярод забароненага – прыносіць на плошчу і выкарыстоўваць бела-чырвона-белыя сцягі, экстрэмісцкую сімволіку і «іншыя прадметы, якія могуць аказаць негатыўны ўплыў на правядзенне мерапрыемства».

Забарону патлумачылі палітычнай сітуацыяй у краіне.

Незвычайна сустракаем Новы год, зрэшты, як і пражылі незвычайны год, якіх яшчэ не было ў Беларусі.

Алесь Завіноўскі, Гродна