Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа сустрэўся з паліттэхнолагам Віталём Шкляравым, які тры месяцы правёў у СІЗА КДБ ў Мінску. Вызвалілі Віталя ў кастрычніку, дзякуючы намаганням Дзярждэпу ЗША, паведамляе "Белсат".
Здымак з сустрэчы кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЗША апублікаваў у Twitter. Ён адзначыў высілкі вялікай каманды амерыканскіх дыпламатаў Мінску і Кіева ў вызваленні Шклярава, а таксама падтрымку сям’і палітвязня.
Дэталі сустрэчы Пампэа і Шклярава не паведамляюцца.
На фота, бачна, акрамя Шклярава і Пампэа, – жонка Віталя, працаўніца Дзярждэпу ЗША Хезэр Шклярава ды іх дзеці.
Грамадзянін ЗША і Беларусі Віталь Шкляраў быў затрыманы 29 ліпеня ў Гомлі, куды прыехаў наведаць маці. Яму высунулі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
Шклярава, у прыватнасці, падазравалі ў тым, што ён працаваў паліттэхнолагам блогера Сяргея Ціханоўскага, які быў затрыманы па гэтым жа артыкуле 29 траўня.
10 кастрычніка Шкляраў прысутнічаў на сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ, а праз шэсць дзён яму змянілі меру стрымання на хатні арышт.
24 кастрычніка дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа ў тэлефоннай размове з Лукашэнка заклікаў вызваліць Шклярава.
27 кастрычніка стала вядома, што Шкляраў пакінуў Беларусь. Яго крымінальная справа не прыпыненая і не закрытая.
Пасля вызвалення Шкляраў даў рэзананснае інтэрв’ю «Эхо Москвы», дзе кампліментарна выказаўся наконт Аляксандра Лукашэнкі.
эж